«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,

найбольш значная тайная рэв. народніцкая арг-цыя (партыя) у Расіі ў 1879—86. Узнікла ў выніку расколу «Зямлі і волі». Узначальваў выканаўчы к-т (Пецярбург), члены: А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, В.М.Фігнер, М.І.Кібальчыч, М.А.Марозаў, А.Дз.Міхайлаў і інш. У 1879—83 падп. сетка «Н.в.» ў 50 гарадах налічвала 80—90 мясц., 100—120 рабочых, 30—40 студэнцкіх, 20—25 гімназічных, каля 50 афіцэрскіх (былі аб’яднаны ў Ваен. арг-цыю «Н.в.») гурткоў; колькасць членаў да 500 чал., са спачуваючымі да 5 тыс., з іх 1,5 тыс. рабочыя. Друкаваныя органы: газ. «Народная воля» (1879—85), «Листок «Народной воли» (1880—86), час. «Вестник Народной воли» (1883—86) і інш. «Н.в.» прытрымлівалася тэорыі утапічнага «сялянскага сацыялізму». Яе праграмныя дакументы прадугледжвалі рэв. знішчэнне самадзяржаўя, перадачу зямлі сялянам, увядзенне дэмакр. дзярж. ладу з усеагульным выбарчым правам, раўнапраўе нацый і іх права на самавызначэнне і г.д. Практычная дзейнасць па падрыхтоўцы паліт. перавароту ў Расіі падзялялася на прапагандысцкую і разбуральную (індывід. тэрор як гал. метад барацьбы з урадам). Члены «Н.в.» разлічвалі, што група рэвалюцыянераў-змоўшчыкаў шляхам знішчэння вышэйшых чыноўнікаў і імператара здолее дэзарганізаваць дзярж. кіраванне, выклікаць масавыя нар. паўстанні і захапіць уладу. «Н.в.» ажыццявіла шэраг тэрарыст. актаў супраць буйных чыноўнікаў і агентаў паліцыі і забойства (пасля некалькіх няўдалых замахаў) імператара Аляксандра II (яго ажыццявіў 13.3.1881 ураджэнец Беларусі І.Я.Грынявіцкі), але сваёй мэты — выклікаць у краіне сацыяліст. рэвалюцыю — не дасягнула.

У Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі выканкома «Н.в.» М.Ф.Грачэўскі, М.М.Рагачоў, М.П.Аўчыннікаў і інш. У Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску існавалі яе ваен. і вучнёўскія гурткі. У пач. 1882 ваен. гурткі ўвайшлі ў нарадавольскую арг-цыю Віленскай ваен. акругі, астатнія — у Паўн.-Зах. краявую арг-цыю «Н.в.». У Пецярбургу існавала бел. фракцыя ў «Н.в.», на базе якой у 1884 узнікла рэв. група «Гоман». Пасля забойства Аляксандра 11 пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў «Н.в.». Жалябаў, Пяроўская, Кібальчыч і інш. пакараны смерцю, сотні нарадавольцаў асуджаны на катаргу і турэмнае зняволенне. Да вясны 1883 паліцыя разграміла выканком і асн. арг-цыі «Н.в.». Адначасова нарастаў ідэйны і арганізац. крызіс партыі. «Н.в.» як арганізаваная сіла фактычна спыніла існаванне пасля арышту кіраўніка яе Распарадчай камісіі Г.А.Лапаціна (кастр. 1884). Спробы яе аднаўлення, пачатыя ў 1880-я г. (у т. л. А.І.Ульянавым у 1886—87) поспеху не мелі. Асабістая самаахвярнасць і высакародныя памкненні нарадавольцаў сталі натхняльным прыкладам для наступных пакаленняў рэвалюцыянераў. Аднак тэрарыст. тактыка «Н.в.» справакавала ўрад на ўзмацненне паліт. рэакцыі і згортванне рэформ. Традыцыі і праграмныя ўстаноўкі «Н.в.» ў пач. 20 ст. імкнулася адрадзіць партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).

Літ.:

Волк С.С. Народная воля, 1879—1882. М.; Л., 1966;

Багдановіч А. Да гісторыі партыі «Народная воля» ў Мінску і Беларусі (1880—1892) // Маладосць. 1995. № 11—12.

В.В.Сяргеенкава.

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)